Спецыфіка навучання рускамоўных дашкольнікаў беларускай мове
Падрыхтавала Радзевіч Л. А.
Спецыфіка навучання
Псіхалагічна правільным шляхам навучання дашкольнікаў беларускай мове, развіцця ў іх беларускага маўлення з’яўляецца той, які спалучае, з аднаго боку, неўсвядомленае засваенне беларускай мовы ў штодзённых зносінах (праслухоўванне і абмеркаванне мастацкіх твораў, удзел у беларускіх народных гульнях і да т.п.), і з другога – спецыяльна арганізаванае навучанне (заняткі па развіцці беларускага маўлення і мастацкай літаратуры).
Навучанне рускамоўных дзяцей беларускай мове дае станоўчыя вынікі пры строгім захаванні ў зносінах з дзіцем прынцыпу «адна асоба ў адной сітуацыі зносін – адна мова». Гэта значыць, што адзін і той жа выхавальнік можа выкарыстоўваць ў зносінах з дзіцем і рускую і беларускую мовы, але строга прытрымлівацца адной з іх на пэўных занятках, у гульнях і да т.п. або ў пэўныя дні. Такім чынам у дзяцей фарміруецца дыферэнцыраваная маўленчая устаноўкя на выкарыстанне беларускай або рускай мовы ў адпаведных сітуацыях. Маўленчая ўстаноўка дапамагае пазбегнуць змешвання дзвюх моў у маўленчай практыцы, выступае перадумовай прадухілення і выкаранення памылак інтэрферэнцыі.
Далучаць дашкольнікаў да роднага слова шляхам акультурацыі – увядзення ў нацыяльна-культурны фон беларускай мовы – неабходна як мага ранней, з моманту наведвання дзіцем дашкольнай установы. У гэтым выпадку маўленчыя механізмы, што фарміруюцца ў дзіцяці, «працуюць» не толькі на русскую, але і на беларускую мову і забяспечваюць нацыянальнае бачанне навакольнай рэчаіснасці. Ранняе ўвядзенне беларускай мовы, засваенне якой ідзе не апасродкавана – праз русскую мову, а непасрэдна, садзейнічае фарміраванню моўнамысліцельнай дзейнасці на беларускай мове.
Выхавальнік імкнецца забяспечыць дзецям радасць, задавальненне пры авалоданні беларускай мовай і захаваць станоўчую матывацыю яе засваення. Ён наладжвае асобасна значныя і эмацыянальна яскравыя зносіны на другой роднай мове. Асобасна арыентаваны падыход праяўляецца ў тым, што беларуская мова як другая родная мова для дзіцяці ўводзіцца як натуральны спосаб самавыражэння.Тады дзіця знаходзіць задавальненне ў зносінах з беларускамоўным суразмоўцам, ў асобасным самавызначэнні, адчуванні паспеху і прасоўванні наперад у авалоданні беларускай мовай як сродкам зносін, у апраўданым павышэнні самаацэнкі.
Паўнацэнная маўленчае развіццё дзіцяці не можа ажыццяўляцца без апоры на мастацкае слова. У сучаснай сацыялінгвістычнай сітуацыі, калі дзіця часта чуе змешаную руска-беларускую гаворку, недасканалае маўленне выхавальніка, далучыць дзяцей да жывога беларускага слова, садзейнічаць засваенню выразных сродкаў роднай мовы на ўзроўні чуцця і тым самым забяспечыць ўзбагачэнне духоўнага свету кожнага дзіцяці магчыма толькі праз мастацкую літаратуру.
Мастацкае слова выкарыстоўваецца, перш за ўсё, для фарміравання ў дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту “чуцця” беларускай мовы як роднай. У атмасферу жывога беларускага слова ўводзяць малых фальклорныя і лепшыя класічныя творы. Менавіта ў эстэтычнай асалодзе мастацкім творам на беларускай мове дзеці атрымліваюць задавальненне.
Беларуская мова выступае як «мова прыемнасці» (А.А.Лявонцьеў) ў працэсе гульні, якая стварае асаблівую «сферу зносін» і выклікае найбольшую ўнутраную актыўнасць у дашкольнікаў. Пры гэтым пэўную сферу зносін замацоўвае для кожнай з моў прынцып “адна гульня – адна мова”: на занятках па развіцці маўлення на рускай ці беларускай мовах выкарыстоўваюцца розныя гульні, што стварае неабходную маўленчую устаноўку на выкарыстанне той або іншай мовы.
Сродкі навучачання
Сродкамі беларускамоўнага развіця дашкольнікаў і навучання іх беларускай мове выступаюць: прафесійна-маўленчая гатоўнасць выхавальніка; культурны моўны асяродак дашкольнай установы; зносіны выхавальніка з дзецьмі; гульня; мастацкая літаратура; займальны маўленчы і моўны матэрыял; навучанне ў штодзённым жыцці і на занятках; сумесная дзейнасць і зносіны дзяцей рознага ўзросту; вучэбныя дапаможнікі для дзяцей, метадычныя і вучэбна-метадычныя дапаможнікі для педагогаў дашкольных устаноў.
Для развіцця беларускага маўлення распрацаваны комплекс іерархічна арганізаваных камунікатыўных гульняў і практыкаванняў. Комплекс уключае чатыры сістэматызаваныя групы камунікатыўных гульняў і практыкаванняў: лексічныя гульні, граматычныя гульні, фанетычныя гульні і гульні на развіццё прадуктыўнага маўлення.
Методыка навучання
Методыка беларускамоўнага развіцця дашкольнікаў ўключае агульную стратэгію развіцця беларускага маўлення дашкольнікаў і ўласна методыку развіцця маўленчых навыкаў (фанетычных, лексічных, граматычных), прадуктыўнага маўлення і фарміравання моўных ведаў і ўменняў.
Агульная стратэгія пабудовы працэсу навучання дашкольнікаў беларускай мове заключаецца ў наступным. Развіццё беларускага маўлення дзяцей неабходна ажыццяўляць паэтапна, пачынаючы з паступовага ўвядзення беларускай мовы ў розныя віды дзейнасці дзяцей ужо ранняга ўзросту. Гэта робіцца з мэтай развіцця ў малых першапачатковых навыкаў разумення мовы, умення паўтараць за выхавальнікам і па меры магчымасці самастойна ўзнаўляць узоры беларускага маўлення (асобныя словы, кароткія пацешкі, песенькі, лічылкі і да т.п.), што служыць фарміраванню ў іх пачуццёвай асновы руска-беларускага двухмоўя. На наступным этапе працягваецца навучанне дашкольнікаў малодшага і сярэдняга ўзросту рэпрадуктыўнаму беларускаму маўленню (пераказ, завучванне і ўзнаўленне кароткіх паэтычных твораў), ажыццяўляецца навучанне прадуктыўнаму маўленню, г.зн. уменню будаваць самастойныя па змесце і форме выказванні на беларускай мове (расказванне па карціне, пра цацку або прадмет, з асабістага вопыту). Нарэшце, у старэйшых дашкольнікаў, акрамя рэпрадуктыўнага і прадуктыўнага маўлення (з элементамі творчасці), фарміруецца пачатковае асэнсаванне некаторых асаблівасцей беларускай мовы (фрыкатыўнае вымаўленне гукаў [г], [г’], заўсёды цвёрдае вымаўленне гука [р], наяўнасць спецыфічных сінтаксічных формаў тыпу хвіліны са тры, хварэць на... і г.д.). Навучанне на кожным наступным этапе ажыццяўляецца на фоне далейшага развіцця і ўдасканалення маўленчых навыкаў дзяцей, набытых на папярэдніх этапах.
Блізкасць і частковая тоеснасць лексікі, граматыкі і фанетыкі беларускай і рускай моў, безумоўная тоеснасць структуры звязнага тэксту і сродкаў міжфразавай сувязі ў тэксце на гэтых мовах абумоўліваюць агульнасць задач развіцця маўленнядзяцей на рускай і беларускай мовах. Аднак ў сітуацыі блізкароднаснага двухмоўя агульнапрынятыя задачы развіцця маўлення набываюць некаторыя спецыфічныя рысы. Гэта, перш за ўсё, фарміраванне ў дашкольнікаў уласна нацыянальнага бачання свету.
Спецыфіка методыкі навучання рускамоўных дашкольнікаў беларускай мове заключаецца ў абавязковым супастаўленні з’яў рускай і беларускай моў (па-беларуску кажам у лісы лісяня, а як па-руску?), каб размежаваць іх асаблівасці ў свядомасці дзіцяці. Такое супастаўленне тым больш важна, што толькі шляхам фарміравання элементарнага ўсведамлення з’яў беларускай і рускай моў і параўнання іх паміж сабой можна пазбегнуць або пераадолець інтэрферэнцыю.
Ключавой праблемай навучання дашкольнікаў блізкароднаснай мове выступае забеспячэнне іх станоўчай матывацыяй зносін на гэтай мове. Перадумовай узнікнення ўнутранай актыўнасці дзяцей 3-4 год можа быць патрэба ў зносінах з беларускамоўным дарослым для выражэння станоўчых эмоцый, для дасягнення сумеснага з ім або беларускамоўным равеснікам выніку ў практычнай або гульнявой дзейнасці. Для дзяцей 4-5 гадоў, акрамя таго, матывуючым фактарам маўленчай дзейнасці на беларускай мове з’яўляецца патрэба ў атрыманні новай інфармацыі пазнавальнага або асабовага характару. Для старэйшых дашкольнікаў сацыяльна матываванай з’яўляецца маўленчая дзейнасць на беларускай мове ў якасці ўзору для малодшых дзяцей. У гэтым узросце актывізуючую ролю адыгрываюць і “спаборніцкія” матывы.
Методыка навучання дашкольнікаў беларускай мове спалучае рысы методыкі роднай мовы і другой мовы. З дапамогай першай уводзяцца моўныя з’явы, што супадаюць ў беларускай і рускай мовах. Гэта асабліва датычыцца развіцця лексічнага запасу на другой мове і вымаўленчых навыкаў. Чым больш адрозніваюцца беларускай і руская тэматычная лексіка, фанетыка, граматыка, тым с большай падставай выкарыстоўваецца методыка навучання дзяцей другой мове. Але і ў гэтым выпадку шырокае выкарыстанне такога займальнага матэрыялу, як вершы, загадкі, прыказкі і прымаўкі і да т.п., элементаў народных гульняў, гутаркі па змесце заняткаў выключна на беларускай мове набліжаюць прыёмы навучання другой мове да прыёмаў навучання рускай мове.
Спецыфіка методыкі навучання бізкороднаснай мове выцякае і з факту няпоўнага двухмоўя дашкольнікаў, г.зн. няздольнасці іх «отключыцца» ад роднай (першай) мовы. Гэта робіць абавязковым супастаўленне з’яў рускай і беларускай моў, каб размежаваць іх асаблівасці ў свядомасці дзіцяці. Так, у многіх выпадках паралельна са слоўнікавай работой ёсць неабходнасць весці мэтанакіраваную арфаэпічную работу, каб папярэдзіць змешванне слоў, падобных па гучанні ў рускай і беларускай мовах. У гэтвм авыпадку асноўным метадычным прыёмам выступае параўнанне вымаўлення беларускіх і рускіх слоў (Па-беларуску вымаўляем гусь, гара, голуб, а як па-руску?).
Такім чынам, курс беларускай мовы для дашкольнікаў у сітуацыі блізкароднаснага двухмоўя будуецца, з аднаго боку, як спантанны, неадвольны, а з другой, як навучальны і ў пэўнай меры сістэматызуючы, абагульняльны. Неабходнасць унясення выправленняў у стыхійна набытыя децьмі маўленчыя навыкі прымушат будаваць яго і як карэкцыйны курс.
Літаратура
1. Выготский, Л.С. К вопросу о многоязычии в детском возрасте /Л.С. Выготский // Хрестоматия по возрастной и педагогической психологии / Под ред. И.И. Ильясова, В.Я. Ляудис. – М., 1980.
2. Дубініна, Д.М. Мастацка-маўленчая дзейнасць у дзіцячым садзе / Д.М. Дубініна, Н.С. Старжынская. – Мінск, 1999.
3. Дубініна, Д. М. Мастацка-маўленчае развіццё дашкольнікаў / Дз. М. Дубініна. – Мінск, 2007.
4. Ляшук, В.М. І прарастаюць словы / В.М. Ляшук. – Мінск, 1997.
5. Старжынская, Н.С. Беларуская мова ў дзіцячым садзе /Н.С. Старжынская. Мінск, – 1995.
6. Старжынская, Н.С. Тэорыя і методыка развіцця беларускага маўлення дашкольнікаў / Н.С. Старжынская. – Мінск, 2000.
7. Старжынская Н.С. Развіццё беларускага маўлення як сродку камунікацыі / Н.С. Старжынская, Дз.М. Дубініна. – Мінск, 2001.
8. Старжынская, Н.С. Маўленчае і лінгвістычнае развіццё дашкольнікаў / Н. С. Старжынская. – Мінск, 2007.
9. Старжынская, Н. С. Развіццё беларускага маўлення дашкольнікаў / Н.С. Старжынская. Дз. М. Дубініна. Мінск., 2008.