Станаўленне, сутнасць і асаблівасці двухмоўнага выхавання і навучання дзяцей.

Станаўленне духмоўнага выхавання

Падрыхтавала Радзевіч Л.А.

Для значнай большасці дашкольнікаў у Беларусі першай мовай, якую яны чуюць ад дарослых, на якой вучацца размаўляць, мець зносіны, з’яўляеца руская мова.  Беларуская мова, да якой дзеці далучаюцца галоўным чынам у дзіцячым садзе, выступае для іх як другая.

Стыхійнае маўленчае развіццё дашкольнікаў характарызуецца рэцэптыўным і ў пэўнай ступені рэпрадуктыўным дзвюхмоўем, г.зн. успрыманнем і разуменнем беларускага маўленне (напрыклад, казак, асабліва калі іх расказванне суправаджаецца паказам малюнкаў або інсцэніроўкай), ўзнаўленнем некаторых яго элементаў (забаўлянак, вершаў, асобных слоў і выразаў). Гэта адбываецца дзякуючы блізкасці рускай и беларускай моўных сістэм. Нават калі нейкі элемент паведамлення невядомы, агульны сэнс выказвання ўсё ж аказваецца зразумелым.

У працэсе маўленчага развіцця ў дашкольнікаў стыхійна фарміруецца вылучэнне маўленчай рэчаіснасці як асобнага віду чалавечай дзейнасці. У дзвюхмоўным асяроддзі дзеці пачынаюць усведамляць існаванне беларускай мовы і тое, что яна адрозніваецца ад рускай. Даволі выразнае ўсведамленне дзвюх моўных сістэм выступае ў дзяцей сярэдняга дашкольнага ўзросту, у старэйшым яно набывае яшчэ большую выяўленасць. Але з-за адсутнасці паўнацэннага беларускамоўнага асяроддзя сапраўднай жыццёвай неабходнасці карыстацца беларускай мовай у штодзённым жыцці ў рускамоўных дзяцей няма.

З другога боку, далучэнне да беларускай мовы ў сітуацыі блізкароднаснага дзвюхмоўя прыводзіць да памылак інтэнферэнцыі ў маўленні рускамоўных дзяцей. 

Такім чынам, пры стыхійным засваенні дзвюх блізкароднасных моў у дашкольнікаў развіваецца сумешчаны механізм стварэння тэкстаў на гэтых мовах. Дзеці не заўважаюць сваіх памылак, у іх не фарміруецца “чуццё” адной і другой мовы. Памылкі інтэрферэнцыі ў сітуацыі блізкароднаснага дзвюхмўя абумоўліваюцца ўплывам не заўсёды правільнага маўлення дарослых, часам адсутнасцю кантролю з боку дарослых за маўленнем дзяцей,  а таксама неасэнсаваным характарам дзіцячага дзвюхмоўя, несфарміраванасцю дыферэнцыраваных установак на карыстанне адной і другой мовамі. Гэта прыводзіць да высновы, што ў сучаснай сацыялінгвістычнай сітуацыі дзеці могуць авалодаць правільным маўленнем на другой мове толькі ва ўмовах мэтанакіраванага навучання ў дашкольнай установе. 

 

Сутнасць двухмоўнага выхавання

Авалоданне беларускімі дзецьмі рускай мовай – гэта авалоданне багацейшай крыніцай ведаў, сродак глыбокага рознабаковага развіцця дзіцяці. Авалоданне разам з рускай мовай беларускай складае адзін з асноўных элементаў фарміравання асобы дзіцяці, засваення ім нацыянальнай культуры, станаўлення нацыянальнай самасвядомасці.

Мэта навучання беларускай мове – выхаванне ў дзяцей любові і павагі  да роднага слова, фарміраванне чуйнасці да моўных норм і сродкаў выразнасці; развіццё адпаведнай моўнай здольнасці.      Выхавальнік імкнецца сфарміраваць у дзяцей маўленчую дзейнасць на беларускай мове, набліжаную па ўзроўні да адпаведнай дзейнасці на рускай мове, стварыць перадумовы для выхавання двухмоўнай асобы.

Мова – гэта спецыфічны і ўніверсальны сродак аб’етывацыі зместу як індывідуальнай свядомасці, так і культурнай традыцыі. З аднаго боку, яна выступае як складальнік культуры, пад якой разумеются вынікі дзейнасці людзей, іх светапогляд, традыцыі, нормы жыццядзейнасці і сацыяльнага існавання, формы зносін, паводзін і г.д. З другога боку, мова з’яўляецца сродкам фарміравання асобы, інкультурацыі (сацыцялізацыі).

Нацыянальна-культурная функцыя моўных сродкаў дазваляе далучацца да нацыянальных каштоўнасцей, спасцігаць іх асаблівасці ў значнай меры ўласна мовай народа. Менавіта веданнем значэнняў слоў нацыянальнай мовы, па сцвярджэнні вучоных, фарміруецца моўная свядомасць. Этнамова як кампанент этнасвядомасці накладвае пэўныя карэктывы на ўспрыманне і інтэрпрэтацыю чалавекам наваколля. Паколькі мова з’яўляецца формай існавання духоўнай культуры народа (фальклору, літаратуры, рэлігіі, філасофіі і г.д.), паўнацэннае вывучэнне мовы – гэта, перш за ўсё, далучэнне да духоўных каштоўнасцей сваёй нацыі. Навучанне мове ў кантэксце культуры мае на ўвазе і фарміраванне ў дзяцей каштоўнасных адносін да як як першаэлемента культуры.

Большасць дзяцей у Беларусі авалодваюць з маленства рускай мовай, але беларуская мова - другая храналагічна, у грамадстве асэнсоўваецца як родная мова – аснова нацыянальна-культурнай сацыялізацыі беларускіх дзяцей. Авалоданне рускамоўнымі  дзецьмі беларускай мовай складае адзін з асноўных элементаў фарміравання асобы дзіцяці, засваення ім пачаткаў нацыянальнай культуры.

Ужо ў дашкольнай установе, асабліва ў адносінах да старэйшых дашкольнікаў, размова павінна ісці не проста аб навучанні мове, а аб моўнай адукацыі, якая, па сцвярджэнні даследчыкаў, з’яўляецца залогам авалодання культурай. Моўная адукацыя арыентавана не толькі на навучанне дзіцяці асноўным відам вуснага маўлення, але і на фарміраванне ў яго асобасна-значнага, станоўчага эмацыянальнага і творчага стаўлення да працэсу пазнання нацыянальнай культуры сродкамі роднай мовы. Мэтай моўнай адукацыі з’яўляецца само дзіця як чалавек культуры.

 

Асаблівасці двухмоўнага выхавання

У адносінах да моўнай адукацыі на беларускай мове можна гаварыць аб паняцці нацыянальна-моўнай адукацыі, у працэсе якой дашкольнік уваходзіць у родную нацыянальную моўную культуру, у яе прастору, якая складаецца падчас змястоўнага суразмоўніцтва на беларускай мове. Вывучэнне роднай мовы як інструмента фарміравання нацыянальна-моўнай культуры накіравана на развіццё асобасна значных уяўленняў, разуменне сістэмы каштоўнасцей уласнай лінгвакультурнай агульнасці.

На нацыянальна-культурнай функцыі мовы заснаваны лінгвакультуралагічны падыход да навучання мове, які забяспечвае, з аднаго боку, “уваходжанне” ў нацыянальную і сусветную культуру ў працэсе авалодання маўленнем на беларускай мове, а з другога – авалоданне беларускай мовай на аснове спасціжэння нацыянальнай культуры.

У сувязі з гэтым узнікае задача як мага больш ранняга – з моманту наведвання дзіцем установы дашкольнай адукацыі – далучэння дашкольнікаў да роднага слова шляхам увядзення ў нацыянальна-культурны фон беларускай мовы. У гэтым выпадку маўленчыя механізмы, што фарміруюцца ў дзіцяці, “працуюць” не толькі на рускую, але і на беларускую мову і забяспечваюць нацыянальнае бачанне навакольнай рэчаіснасці.

Можна вылучыць наступныя метадычныя напрамкі рэалізацыі лінгвакультуралагічнага падыходу да развіцця беларускага маўлення ў рускамоўных дашкольнікаў: 1) спасціжэнне каштоўнасцей і рэалій нацыянальнай культуры; 2) засваенне дзецьмі нацыянальна маркіраваных адзінак беларускай мовы; 3) навучанне беларускай мове ў дыялозе культур.

Далучэнне дзяцей да каштоўнасцей нацыянальнай культуры прадугледжвае ўключэнне ў змест адукацыі культуразнаўчых, перш за ўсë, мастацкіх тэкстаў, што адлюстроўваюць ментальны вопыт, культурныя асаблівасці беларускага народа. На аснове такіх тэстаў адбываецца азнаямленне з культурным вопытам народа, этычнае і эстэтычнае ўздзеянне на думкі, пачуцці і паводзіны дзяцей.

Фарміраванню ў дзяцей каштоўнаснага стаўлення да нацыянальнай мовы садзейнічае ўключэнне ў змест навучання выказванняў пра Беларусь і беларускую мову, якія належаць выбітным стваральнікам культуры. Для дашкольнікаў гэта ў першую чаргу вершы пра родную мову, краіну Беларусь, беларусаў, якія яны з задавальненнем завучваюць і дэкламуюць.

У нацыянальна маркіраваных адзінках мовы культуразнаўчая інфармацыя можа быць пададзена ў двух аспектах. Першы пласт нацыянальна маркіраваных адзінак складаюць словы, якія абазначаюць рэаліі духоўнай і матэрыяльнай культуры беларусаў, што адлюстроўваюць своеасаблівасць нацыянальнай карціны свету (назвы народных звычаяў і свят, пабудоў, традыцыйнага адзення, абутку, страў нацыянальнай кухні, прадметаў народнага мастацтва, наймення прамежкаў часу, напрыклад, месяцаў і інш.

Да другога пласту  нацыянальна маркіраваных адзінак мовы, у якіх праяўляецца культуразнаўчае інфармацыя, адносяцца: устойлівыя параўнанні, заснаваныя на супастаўленні рыс характару, паводзін чалавека з жывëламі, раслінамі (надзьмуўся, як сыч); фразеялагізмы (як серада на пятніцу) сімвалы (вярба – увасабленне жыццëвай сілы, устойлівасці) і інш.

Як відаць, асаблівую ўвагу педагог павінен надаць адбору дзіцячага лінгвакультуразнаўчага матэрыялу, які ўключае: святы, традыцыі, звычаі беларускага народа; песні, танцы, казкі, паэзію, апавяданні, народныя гульні; прыказкі, прымаўкі, рыфмоўкі, чытагаворкі, скарагаворкі і г.д.

Трэці напрамак рэалізацыі лінгвакультуразнаўчага падыходу – дыялог культур – прызваны фарміраваць ў дзяцей ўяўленні пра самабытнасць і ўнікальнасць беларускай мовы і культуры шляхам яе параўнання з рускай мовай (а калі дзеці вывучаюць якую-небудзь замежную мову, то і з ëю). Гэта садзейнічае, па-першае асэнсаванню дзецьмі агульнага і адметнага ў нацыянальных традыцыях і выхаванню павагі да культурных каштоўнасцей абодвух народаў, а па-другое, як ужо адзначалася вышэй, папярэджанню і пераадоленню моўнай інтэрферэнцыі.

У той жа час функцыянаванне на тэрыторыі Беларусі дзвюх дзяржаўных блізкароднасных моў выклікае неабходнасць рэалізацыі білінгвальнай адукацыі – уваходжання дзіцяці ў культуру, фарміравання моўнай карціны свету сродкамі дзвюх моў. Вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі, незалежна ад моўнага рэжыму установы дашкольнай адукацыі (рускага або беларускага), прадугледжваецца ажыццяўленне нацыянальна-культурнай сацыялізацыі дзіцяці, фарміраванне яго нацыянальнай самасвядомасці.

Адным з перспектыўных падыходаў да вырашэння рэалізацыі білінгвальнай дашкольнай адукацыі можа стаць інтэгратыўны падыход да распрацоўкі зместу адукацыі і метадычная інтэграцыя ў тэхналогіі працэсу фарміравання асноў нацыянальна-моўнай культуры ў старэйшых дашкольнікаў у працэсе развіцця маўлення і навучання рускай і беларускакай мовам. 

 

Літаратура

1. Абабурка, М. Культура беларускай мовы/ М. Абабурка. – Мінск, 1994.

2. Мікуліч, Т.М. Мова і этнічная самасвядомасць / Т.М. Мікуліч. – Мінск, 1996.

3. Паліева, Т.У. Развіццё білінгвальнай адукацыі дашкольнікаў у Беларусі (другая палова ХХ ст. – пачатак ХІ): манаграфія / Т.У. Паліева. – Мазыр, 2008.

4.. Палиева, Т.В. Развитие дошкольного образования Беларуси в условиях билингвизма во второй половине ХХ века / Т.В. Палиева. – Мозырь, 2008.

5. Паліева, Т.У. Праблемы дзіцячага беларуска-рускага білінгвізму / Т.К. Паліева // Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа. – 2005.

поделиться в: